СПЕ́ЛАСЦЬ ЛЕ́СУ,

стан дрэвастою або дрэў, пры якім найб. поўна задавальняюцца патрэбы нар. гаспадаркі. Адрозніваюць С.л. прыродную, узнаўляльную, колькасную, тэхн., гасп., спецыяльную. Прыродная С.л. характарызуе стан дрэвастою, калі ён пераходзіць да стадыі адмірання, напр., у сярэдняй паласе ў хвойных дрэў настае ў 200—400, цвердалістых (дуб, клён, граб, ясень) у 300—500 і мяккалістых (бяроза, асіна, вольха, ліпа) у 90—150 гадоў. Узнаўляльная С.л. бывае парасткавая (макс. ўзрост лісцевага дрэвастою, калі ён пры суцэльнай высечцы яшчэ здольны ўзнаўляцца парасткамі) і насенная (мінім. ўзрост дрэвастою, калі ён пры суцэльнай высечцы здольны ўзнаўляцца насеннем). Узросты парасткавай спеласці лісцевых дрэў 40—80, насеннай спеласці хвойных 40—50, лісцевых 20—50 гадоў. Колькасная С.л. характарызуе ўзрост, у якім дрэва або дрэвастой даюць макс. прырост драўніны. Для хвоі і елкі настае ў 60—90, цвердалістых у 60—75, мяккалістых у 35—55 гадоў. Тэхнічная С.л. вызначаецца па ўзросце дрэва або дрэвастою, пры якім яны даюць найб. прырост асн. запланаванага сартыменту. Гаспадарчая С.л. характарызуе ўзрост дрэва або дрэвастою, калі яны даюць найб. грашовы прыбытак за год. Спецыяльная С.л. настае ва ўзросце, у якім максімальна праяўляюцца спец. функцыі лесу (ахоўная, рэкрэацыйная, проціэразійная і інш.).

т. 15, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)